1 Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.
2 Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.
3 Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,
4 той - гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,
5 пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.
6 Вялікі набытак - быць пабожным і задаволеным.
7 Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.
8 Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.
9 А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;
10 бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.
11 А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;
12 пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.
13 Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе
14 захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,
16 адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.
17 Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;
18 каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,
19 зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.
20 О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,
21 аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін. |