1 Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?
2 А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,
3 і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.
4 Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;
5 і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.
6 І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.
7 Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.
8 І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў - дванаццаць патрыярхаў.
9 Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,
10 і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.
11 І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.
12 А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;
13 а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.
14 Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.
15 Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;
16 і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.
17 А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,
18 аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;
19 гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.
20 У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,
21 А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.
22 І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.
23 А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў серца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.
24 І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.
25 Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.
26 На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы - браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?
27 А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?
28 Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?
29 Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.
30 Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.
31 Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:
32 Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.
33 І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
34 Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.
35 Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? - яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.
36 Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.
37 Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.
38 Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,
39 якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,
40 сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.
41 І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.
42 А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: "дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?
43 Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон".
44 Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.
45 Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;
46 гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.
47 А Саламон збудаваў Яму дом.
48 Але ‹сявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:
49 "неба - трон Мой, і зямля - падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?
50 Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?".
51 Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:
52 каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,
53 вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.
54 Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.
55 А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,
56 і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.
57 Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,
58 і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.
59 І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!
The Stoning of Stephen 60 І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў. |