1 Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх;
2 ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты - Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога.
3 Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага.
4 Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца?
5 Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае:
6 народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух.
7 Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары.
8 Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа.
Jesus Teaches Nicodemus 9 Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць?
10 Ісус адказваў і сказаў яму: ты - настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш?
11 Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце;
12 Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, - як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае?
13 Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах;
14 і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так ма±е быць падняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
16 Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.
18 Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія.
20 Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія;
21 а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.
22 Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую і там жыў зь імі і хрысьціў.
23 А Ян таксама хрысьціў у Яноне паблізу Саліма, бо там было многа вады; і прыходзілі туды і хрысьціліся;
24 бо Ян яшчэ ня быў увязьнены ў цямніцу.
25 Тады ў Янавых вучняў адбылася спрэчка зь Юдэямі пра ачышчэньне.
26 І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Равьві! Той, Які быў з табою пры Ярдане, і пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць і ўсе ідуць да Яго.
27 Ян сказаў у адказ: ня можа чалавек нічога прымаць на сябе, калі ня будзе дадзена яму зь неба.
28 Вы самі мне сьведкі ў тым, што я сказаў: ня я Хрыстос, але я пасланы перад Ім.
29 Хто мае нявесту, той жаніх; а жаніхоў сябра, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца, чуючы голас жаніха: вось гэтая радасьць мая спраўдзілася.
30 Ён мае расьці, а я - малець.
31 Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсць вышэйшы за ўсіх; а сутны ад зямлі зямны і ёсьць і гаворыць як сутны ад зямлі; Хто прыходзіць зь нябёсаў, ёсьць вышэйшы за ўсіх,
32 І што Ён бачыў і чуў, пра тое і сьведчыць; і ніхто ня прымае сьведчаньня Ягонага.
33 Хто прыняў Ягонае сьведчаньне, гэтым і пацьвердзіў, што Бог праўдзівы.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо ня мераю дае Бог Духа.
35 Айцец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную.
36 Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць у Сына, ня ўбачыць жыцьця, а гнеў Божы застаецца на ім. |