1 Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
2 як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, -
3 дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
4 каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
5 У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта.
6 Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
7 У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
8 Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
9 па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
10 а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, -
11 тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
12 і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
13 Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
Angel Gabriel and Zechariah 14 і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
15 бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
16 і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
17 і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
18 І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
19 Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
20 і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
21 Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
22 А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
23 А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
24 Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
25 так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
26 А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
28 Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
29 А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
30 І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
31 і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
33 і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
34 А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
35 Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
36 вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
37 бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
38 Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
The Annunciation to Mary 39 І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
40 і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту.
41 Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым,
Mary Visits Elizabeth 42 і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
44 Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
45 і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
46 І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
48 што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
49 бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
50 і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
51 зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
52 скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
53 галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
54 прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
55 як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
56 А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
57 А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58 І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
59 На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
60 На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
61 І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
62 І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
63 Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
64 І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
65 І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
66 Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
Zechariah: \'His Name Is John\' 67 І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
68 Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
69 і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
70 як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
71 што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
72 учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
73 прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
74 каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
75 мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
76 А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму,
77 каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
78 праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
79 прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
80 А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю. |