1 Слухайце слова гэтае, цяляты Васанскія, якія на гары Самарыйскай, - вы, што ўціскаеце бедных, прыгнятаеце гаротных, кажаце гаспадарам сваім: "падавай, і мы будзем піць!"
2 Бажыўся Гасподзь Бог сьвятасьцю Сваёю, што вось, прыйдуць на вас дні, калі павалакуць вас бусакамі і астатніх вашых вудамі.
3 І праз праломіны ў мурах выйдзеце, кожнае - як станецца, і кінеце ўсё ўбранства харомаў, кажа Гасподзь.
4 Ідзеце ў Вэтыль - і грашэце, у Галгал - і памнажайце злачынствы; прыносьце ахвяры вашыя кожнае раніцы, дзесяціны вашыя хоць праз кожныя тры дні.
5 Прыносьце ў ахвяру падзяку квасную, узьвяшчайце пра дабраахвотныя прынашэньні вашыя і расказвайце пра іх, бо гэта вы любіце, сыны Ізраілевыя, кажа Гасподзь Бог.
6 Затое і даў Я вам голыя зубы ва ўсіх гарадах вашых і нястачу хлеба ва ўсіх селішчах вашых; але вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
7 І стрымліваў ад вас дождж за тры месяцы да жніва; праліваў дождж на адзін горад, а на другі горад не праліваў дажджу; адна дзялянка напойваная была дажджом, а другая, не пакропленая дажджом, засыхала.
8 І сыходзіліся два, тры гарады ў адзін горад, каб напіцца вады, і не маглі ўдосыць напіцца; але і тады вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь Бог.
9 Я пакараю вас іржою і блякласьцю хлеба; мноства садоў вашых і вінаграднікаў вашых, і смакоўніц вашых і масьлін вашых пажыраў вусень, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
10 Пасылаў Я на вас згубную пошасьць, падобную на Егіпецкую, забіваў мечам хлопцаў вашых, адводзячы коней у палон, так што смурод ад сыноў вашых падымаўся ў ноздры вашыя, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
11 Чыніў Я сярод вас разбурэньні, як разбурыў Бог Садому і Гамору, і вы былі выхапленыя, як галавешка з агню, - і пры ўсім тым вы не зьвярнуліся да Мяне, кажа Гасподзь.
12 Таму так зраблю Я з табою, Ізраіле; і як Я так зраблю з табою, дык падрыхтуйся да сустрэчы Бога твайго, Ізраіле,
13 бо вось, - Ён, Які стварае горы і творыць вецер і абвяшчае чалавеку намеры ягоныя, ранішняе сьвятло абарочвае ў морак і крочыць вышэй зямлі. Гасподзь Бог Саваоф - імя Яму. |