1 І было: на трыццатым годзе, на чацьвёртым месяцы, на пяты дзень месяца, калі я быў сярод перасяленцаў над ракой Хавар, разамкнуліся нябёсы - і я пабачыў уявы Божыя.
2 У пяты дзень месяца (гэта быў пяты год палону цара Ёакіма),
3 было слова Гасподняе Езэкіілю, сыну Вузія, сьвятара, у зямлі Халдэйскай, над ракою Хавар; і была там на ім рука Гасподняя.
4 І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго,
5 а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, - і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека;
6 і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы;
7 а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія).
8 І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх;
9 і твары ў іх і крылы ў іх - ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою.
10 Падабенства абліччаў іхніх - аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку - аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох.
The Prophet Ezekial: Glory of God 11 І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія.
12 І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.
13 І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню.
14 І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка.
15 І я глядзеў на жывёлін, - і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі.
16 Выгляд колаў і будова іхняя - як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох - адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле.
17 Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся.
18 А абады на іх - высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй.
19 І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы.
20 Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах.
21 Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах.
22 Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх.
23 А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія.
24 І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, - апускалі крылы свае.
25 І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы.
26 А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім.
27 І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго.
28 У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол. |