1 Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
2 Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
3 Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
4 Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
5 Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
6 Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
7 Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
8 І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
9 Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
10 Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, - будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
11 Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
12 Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
13 Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
14 Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
15 Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, - праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
16 Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
17 Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
18 Былі цяжарныя, пакутавалі, - і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
19 Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая - сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
21 бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх. |