1 І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага;
2 і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці;
3 і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы.
4 Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб'е бязбожніка.
5 І будзе апаясаньнем сьцёгнаў Яго - праўда, і апаясаньнем паясьніцы Яго - ісьціна.
6 Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх.
7 І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому.
8 І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі.
9 І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора.
10 І станецца ў той дзень: да кораня Есэевага, які стане нібы сьцяг народам, зьвернуцца язычнікі, - і спакоем яго будзе слава.
11 І станецца ў той дзень: Гасподзь зноў узьнясе руку Сваю, каб вярнуць Сабе рэшту народу Свайго, які застанецца ў Асура, і ў Егіпце, і ў Патросе, і ў Хусе, і ў Эламе, і ў Сэнаары, і ў Эмаце, і на выспах у моры.
12 І падыме сьцяг язычнікам і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і расьсеяных Юдэяў скліча ад чатырох краёў зямлі.
13 І спыніцца зайздрасьць Яфрэмавая, і супраціўцы Юды будуць вынішчаны. Яфрэм ня будзе зайздросьціць Юду, і Юда ня будзе ўціскаць Яфрэма.
14 І паляцяць поруч зь Філістымлянамі на захад, абрабуюць усіх дзяцей Усходу; на Эдома і Маава накладуць руку сваю, і дзеці Амонавыя будуць падданцамі іхнімі.
15 І высушыць Гасподзь затоку мора Егіпецкага, і ўзьнясе руку Сваю на раку ў моцным ветры Сваім, і падзеліць яе на сем ручаін, так што ў сандалях можна будзе пераходзіць яе.
16 Тады рэшце народу Яго, які застанецца ў Асура, будзе вялікая дарога, як гэта было Ізраілю, калі ён выходзіў зь зямлі Егіпецкай. |