1 Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.
2 Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.
3 Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.
4 Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.
5 Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.
6 Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.
7 Вось убогі паклікаў, - і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
8 Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, - і іх вызваляе.
9 Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!
10 Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.
11 Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.
12 Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.
13 Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?
14 Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.
15 Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.
16 Вочы Гасподнія - на праведных, і вушы Ягоныя - на скаргу іхнюю.
17 А аблічча Гасподняе - супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.
18 Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.
19 Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам - уратуе.
20 Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.
21 Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!
22 Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.
23 Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца. |