1 Залатая песьня Давідава. Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.
2 Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.
3 Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх - да іх уся зычлівасьць мая.
4 Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.
5 Гасподзь - частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.
6 Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.
7 Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.
8 Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.
9 Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;
10 бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.
11 Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна. |