1 І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
2 Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
3 Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў.
4 За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
5 Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
6 Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
7 Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
8 Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
9 З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа.
10 Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
11 Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
12 і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
13 Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
14 Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
15 Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
16 Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
17 Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
18 Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
19 Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
20 Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
21 Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
22 Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
23 Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
24 Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам! |