1 Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
2 Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
3 Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
4 Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
5 Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
6 Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
7 Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
8 не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
9 На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
10 у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
11 спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
12 Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
13 Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
14 Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
15 Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
16 Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
17 не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
18 А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
19 Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
20 Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
21 Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
22 Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
23 Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
24 Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
25 Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
26 калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
27 тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
28 і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум. |