1 І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў;
2 і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары;
3 але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай.
4 І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя.
5 І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы.
6 І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы,
7 Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду.
8 Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся
9 і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю.
10 І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе;
11 захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў Габрэяў і Евусэяў;
12 глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас.
13 Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія,
14 бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго "руплівец"; Ён Бог руплівец.
15 Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй;
16 і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі.
17 Не рабі сабе багоў літых.
18 Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта.
19 Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак;
20 першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляецца перад абліччам Маім з пустымі рукамі.
21 Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва.
22 І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года;
23 тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага,
24 бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год.
25 Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы.
26 Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
27 І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем.
28 І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе.
29 Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім.
30 І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго.
31 І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі.
32 Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі.
Israelites and 10 Commandments 33 І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам.
34 А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму.
35 І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім. |