1 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
2 калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі:
3 і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
4 і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы.
5 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую.
6 Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую.
7 Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую.
8 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду.
9 Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ.
10 Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш;
11 і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца.
12 Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона.
13 І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях;
14 і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля.
15 І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
16 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай.
17 Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй замлі Егіпецкай.
18 Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле.
19 І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
20 І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне.
21 а калі не адпусьціш нарорду Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць;
22 і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі:
23 Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака.
24 Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух.
25 І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі.
26 Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не пабэюць яны нас камянямі?
27 Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам.
28 І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне.
29 Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду.
30 І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду.
31 І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай.
32 Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу. |